Скандал на Алімпіядзе: беларускі НАК адхіліў бягуху ад удзелу і спрабаваў выслаць яе ў Мінск

Спартыўны скандал з беларускiмі бягухамі на Алімпіядзе набыў вялікі рэзананс.

Ён пачаўся пасля таго, як тры беларускія лёгкаатлеткі не былі дапушчаныя да Алімпіяды з-за адсутнасці неабходнай колькасці допінг-тэстаў. Сярод іх – дзве спрынтэркі, якія рыхтаваліся да забегу ў эстафеце. Беларускія спартыўныя чыноўнікі вырашылі паставіць бягуху Крысціну Ціманоўскую без яе ведама на эстафету 4 па 400 метраў (на такіх дыстанцыях яна не спецыялізуецца).

Напярэдадні Ціманоўская запісала відэа, у якім абурылася, што на Алімпійскіх гульнях яна заяўленая на дыстанцыі 100 і 200 метраў, але ёй давядзецца выступаць і ў трэцяй дысцыпліне – эстафеце 4 па 400 метраў: «Аказваецца, наша кіраўніцтва ўсё за нас вырашыла. Але чаму мы павінныя адказваць за гэтыя касякі? Чаму я павінна гэтыя праблемы вырашаць?»

2 жніўня Ціманоўская мела ўдзельнічаць у забегу на дыстанцыю 200 метраў, але адразу пасля публічнага выступу ўлады Беларусі вырашылі гвалтоўна вывезці яе з Токіа ў Мінск. У НАК Беларусі заявілі, што Ціманоўскую адхілілі ад удзелу ў Алімпіядзе «па рэкамендацыі лекараў, у сувязі з эмацыйна-псіхалагічным станам» лёгкаатлеткі. Па словах спартсменкі, лекар яе не аглядаў. Бягуха распавяла журналістам: «Мне проста сказалі збіраць рэчы і ляцець дадому”.

Каб абараніць спартсменку, у аэрапорт Токіа прыехала мясцовая паліцыя і журналісты. Там яна змагла пагутарыць з прадстаўнікамі МАК і арганізатарамі Алімпіяды ў Токіа.

Пазней Крысціну Ціманоўскую перавезлі з аэрапорта ў бяспечнае месца. Яна збіраецца прасіць палітычнага прытулку ў Еўропе, і ўжо некалькі краін (у прыватнасці, Польшча і Чэхія) выказалі намер аказаць ёй дапамогу.

Back to top button