Палітвязень Сцяпан Латыпаў проста ў судзе паспрабаваў перарэзаць сабе горла

1 чэрвеня пачаўся суд над жыхаром Плошчы пераменаў Сцяпанам Латыпавым. Проста падчас пасяджэння Сцяпан паспрабаваў скончыць жыццё самагубствам – ён праткнуў сабе горла шарыкавай ручкай.

Перад тым, як гэта зрабіць, Латыпаў сказаў: «ГУБАЗ (адно з сілавых ведамстваў – заўв. рэд.) паабяцаў, што калі я не прызнаю віну, будуць крымінальныя справы супраць родных і суседзяў». Сцяпан Латыпаў распавёў бацьку перад спробай суіцыду, што правёў 51 дзень у асаблівай камеры, у якой іншыя асуджаныя ў змове з адміністрацыяй калоніі аказваюць ціск на «непажаданых», а канвойныя гэтага «не заўважаюць». Робіцца гэта для таго, каб дэмаралізаваць чалавека, альбо выбіць паказанні.

Да часу, калі да Сцяпана за краты змаглі трапіць медыкі, ён страціў прытомнасць. Сцяпан быў шпіталізаваны і праапераваны. Афіцыйныя ўлады паведамілі, што яго жыццю нічога не пагражае. Лекарам забаронена распаўсюджваць любую інфармацыю пра стан Латыпава.

Перад пачаткам суда сведкі адзначылі, што Сцяпан кульгае, у яго апухлы твар, сіняк пад вокам. Калі суддзя спытаў, ці ёсць у Латыпава якія-небудзь пытанні да пацярпелага міліцыянта, ён адказаў, што ёсць. «Пацярпелы, вы сказалі, што я ўдарыў вас нагой па твары, – сказаў Латыпаў. – Паглядзіце на мяне. У вас на твары быў характэрны ацёк, як у мяне?» «Не», – адказаў міліцыянт. «Пытанняў больш няма», – сказаў Латыпаў. Так Сцяпан намякнуў прысутным, што на твары ў яго пабоі.

Сцяпана затрымалі 15 верасня 2020 года. Момант яго арышту трапіў на відэа: Сцяпан абараняў мурал з дыджэямі пераменаў на «плошчы Пераменаў» разам з іншымі жыхарамі двара. Да іх падышлі некалькі супрацоўнікаў міліцыі, Сцяпан папрасіў іх прадставіцца. Замест гэтага міліцыянты заламалі Сцяпану рукі, павалілі яго на зямлю і забралі.

У Латыпава дома быў праведзены ператрус, а сам ён апынуўся ў СІЗА. Першапачаткова Сцяпана абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта хацеў атруціць сілавікоў пры дапамозе хімікатаў. Аднак цяпер абвінавачванне зусім іншае: дзеянні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і махлярства ў асабліва буйных памерах. Пра атручванне гаворкі ўжо не ідзе.

Сцяпан Латыпаў быў вывезены з лякарні праз некалькі гадзін пасля аператыўнага ўмяшання пасля спробы самагубства ў судзе. Яго вярнулі ў СІЗА, пазбавіўшы права на далейшую медыцынскую дапамогу. «Суд» над Сцяпанам Латыпавым працягнецца 10 чэрвеня.

Back to top button