Амбасадар Францыі пакінуў Беларусь па патрабаванні Мінска

Французскі пасол Нікаля дэ Буйан дэ Лакост, які ўзначальваў пасольства з восені 2020 года, 17 кастрычніка 2021 года з’ехаў з Беларусі па патрабаванні афіцыйнага Мінска. Прычынай такіх дзеянняў МЗС Беларусі стала нежаданне амбасадара Францыі ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку. У канцы года Нікаля дэ Лакост уручыў копіі даверчых грамат толькі міністру замежных спраў Уладзіміру Макею. Як і іншыя краіны ЕС, Францыя не прызнала перамогу Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.

У французскім знешнепалітычным ведамстве заявілі пра «супамерныя меры ў дачыненні да беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Францыі». Амбасадар Беларусі ў Францыі Ігар Фісенка быў адкліканы ў Мінск для кансультацый.

Па рашэнні французскага МЗС дэ Лакост з 18 кастрычніка 2021 года прызначаны на пасаду спецпасланніка па Беларусі, а праца амбасады ў Мінску будзе працягнутая. Францыя працягне падтрымліваць беларускі народ і выступаць за пошук палітычнага ўрэгулявання крызісу.

Нікаля дэ Лакоста ў сваім звароце да беларускага народу перад ад’ездам запэўніў: «Ведайце, што мы застанемся побач з вамі. Мы заклікаем вас ніколі не губляць надзею на лепшыя дні. Убачымся хутка!»

Back to top button