Еўрапарламент прыняў жорсткую рэзалюцыю па Беларусі

Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, якая заклікае пашырыць санкцыі супраць рэжыму Беларусі і шэрагу сектараў яе эканомікі.

У рэзалюцыі Еўрапарламент нагадвае, што ЕС не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, асуджае рэпрэсіі, у тым ліку супраць СМІ і праваабаронцаў, заклікае да інклюзіўнага дыялогу.

Еўрапарламент лічыць арганізаваную рэжымам Лукашэнкі кампанію па нелегальнай міграцыі формай гібрыднай вайны, называе вымушаную пасадку самалёта Ryanair актам дзяржаўнага тэрарызму і асуджае дамоўленасці паміж Лукашэнкам і Пуціным пра падрыхтоўку дарожных карт па інтэграцыі.

Дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць Савет ЕС «у тэрміновым парадку» прыняць пяты пакет санкцый і пачаць распрацоўку наступнага пакета. Прапанавана ўзмацніць ўжо дзейныя санкцыі, у прыватнасці ў дачыненні да чорнай металургіі, вытворчасці і апрацоўкі дрэва, хімічнай прамысловасці, а таксама ўсіх дзяржаўных банкаў і ключавых кампаній, і забараніць імпарт прадукцыі, якая вырабляецца зняволенымі ў папраўчых калоніях.

Еўрапарламент заклікае краіны-чальцы ЕС прызнаць ўсіх супрацоўнікаў КДБ персонамі нон грата ў ЕС, адклікаць сваіх паслоў з Мінска для кансультацый, а міжнародныя арганізацыі, у тым ліку МВФ, абмежаваць супрацоўніцтва і выдачу сродкаў рэжыму Лукашэнкі.

Парламентарыі заклікаюць чальцоў ЕС актыўна прымяняць прынцып універсальнай юрысдыкцыі і рыхтаваць судовыя справы супраць беларускіх службовых асоб, адказных або тых, што маюць дачыненне да гвалту і рэпрэсій, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Таксама Еўрапарламент «падтрымлівае далейшыя дыскусіі пра магчымае стварэнне ў Гаазе міжнароднага трыбунала за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі».

Back to top button