Беларускія пратэсты сталі падзеяй для мастацтва

Пратэстная хваля пасля выбараў-2020 у Беларусі выклікала шырокі водгук у мастацтве.

Дакументальны фільм Андрэя Куцілы «Калі кветкі не маўчаць» перамог на 37-м Варшаўскім кінафестывалі. Гэта кінахроніка пра пратэсты ў Беларусі, паказаная праз асабістыя гісторыі сем’яў, якія пацярпелі ад рэпрэсій і гвалту. Для рэжысёра Андрэя Куцілы гэта і асабісты боль – у жніўні мінулага года ў турму на Акрэсціна трапіла яго сястра. У цэнтры сюжэту – беларускія жанчыны, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, выходзілі ў ланцугі салідарнасці з кветкамі. Так і нарадзілася назва фільма – «Калі кветкі не маўчаць».

Гэтай вясной на Берлінале ў межах пазаконкурснай праграмы Berlinale Special паказалі дакументальны фільм «Кураж» («Courage») беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна. Гісторыя трох герояў падчас жнівеньскіх падзей 2020 года ілюструе супрацьстаянне паміж людзьмі і гвалтам з боку рэжыму. Адным з ключавых эпізодаў фільма Аляксей Палуян называе сцэну ля Акрэсціна, калі людзі чакаюць выхаду сваякоў з турмы.

На восень 2021 года запланаваны выхад фільма «Minsk». Гэта гісторыя маладой шлюбнай пары, якая выпадкова апынулася ў гушчы пратэстаў мірнага насельніцтва. Здымкі прайшлі ў Эстоніі, таму што фільм не далі здымаць у Расіі.

Андрэй Курэйчык – беларускі кінасцэнарыст, драматург, рэжысёр, публіцыст – напісаў дзве п’есы пра пратэсты.

«Пакрыўджаныя.Беларусь(сія)» – гісторыя пра першыя дні пратэсту – стала адным з самых маштабных праектаў тэатральнай салідарнасці ў свеце. Больш за 200 чытак і спектакляў у 39 краінах і на 29 мовах свету. Таксама п’еса атрымала спецыяльны прыз тэатральнай прэміі «Залатая маска».

«Галасы новай Беларусі» – п’еса, створаная на падставе лістоў і дакументаў як вядомых палітвязняў (Статкевіч, Калеснікава, Золатава, Сцяпан Латыпаў, Вітольд Ашурак), так і самых звычайных беларусаў, якія трапілі ў мясарубку рэпрэсій.

Вядомы пісьменнік Саша Філіпенка стаў адным з галасоў беларускага пратэстнага руху ў Еўропе. У 2021 годзе ён апублікаваў серыю адкрытых лістоў прэзідэнту міжнароднай хакейнай федэрацыі Рэнэ Фазелю, што спрыяла пераносу Чэмпіянату свету па хакеі з Беларусі ў Латвію. Таксама пісьменнік напісаў адкрыты ліст прэзідэнту Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжа Петэру Маурэру, у якім абвінаваціў МКЧК ў нежаданні інспектаваць беларускія турмы, дзе да палітычных зняволеных прымяняюцца катаванні. Лісты былі перадрукаваныя вядучымі еўрапейскімі газетамі.

Раман Сашы Філіпенкі «Былы сын» напісаны ў 2012 годзе, але дакладна адлюстроўвае сітуацыю ў Беларусі 2020 года. «Былога сына» планавалі ставіць у Мінску, але беларуская ўлада зрабіла ўсё, каб прэм’ера ў Беларусі не адбылася. Рэжысёр быў вымушаны выехаць з Беларусі ва Украіну, і спектакль паставілі ў Кіеве.

Back to top button