Бацька Рамана Пратасевіча назваў апублікаванае відэа з удзелам яго сына вынікам пагроз, а міжнародная супольнасць асудзіла факт такога «інтэрв’ю»

Беларускі дзяржаўны тэлеканал АНТ увечары 3 чэрвеня паказаў відэа з апазіцыйным блогерам Раманам Пратасевічам, затрыманым пасля пасадкі самалёта Ryanair ў Мінску. На відэа даўжынёй у паўтары гадзіны, малады чалавек заявіў, што прызнаў віну ў арганізацыі масавых несанкцыянаваных акцый у Беларусі.

«У мяне няма ніякіх сумневаў: тое, што кажа Раман, гэта вынік яго запалохвання, вынік пастаяннага псіхалагічнага, фізічнага гвалту над ім. Гэта вынік таго, што яго проста запалохалі, прыгразілі, можа быць, жыццём дзяўчыны і яго жыццём», – сказаў Дзмітрый Пратасевіч.

«Сказанае Пратасевічам з’яўляецца чыстай прапагандай, пад якой няма ніякай праўдзівай асновы», – заявіў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.

«Пратасевіч быў вымушаны даваць прызнальныя паказанні пад катаваннямі», – пракаментаваў памочнік Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Дамінік Рааб заклікаў прыцягнуць да адказнасці людзей, якія маюць дачыненне да запісу «інтэрв’ю» Рамана Пратасевіча беларускаму дзяржаўнаму каналу, а ўрад ФРГ асудзіў дэманстрацыю Рамана Пратасевіча па тэлебачанні.

Сёння Святлана Ціханоўская на сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам падкрэсліла недапушчальнасць гандлю палітвязнямі: «Усе нявінныя людзі павінны выйсці на свабоду. Гэта не можа быць прадметам гандлю. Мы бачылі, у якім стане Раман – ён закладнік рэжыму – і мы павінны зрабіць усё, каб вызваліць Рому і тысячы людзей, якія знаходзяцца ў такіх жа нялюдскіх умовах».

Back to top button