Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа прапагандуе гамафобію

Беларускія праваабаронцы звярнуліся да арганізацый Чырвонага Крыжа з-за выказванняў кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова, які ў эфіры дзяржтэлебачання назваў гомасэксуальнасць захворваннем і заклікаў яе лячыць.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Беларускі Фонд медыцынскай салідарнасці папрасілі Чырвоны Крыж публічна асудзіць ягоныя словы і паказаць на іх недапушчальнасць. Кіраўнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, 18 кастрычніка 2022 года ў эфіры тэлеканала СТВ выказаўся наконт гендэрнай ідэнтычнасці і сексуальнай арыентацыі. У прыватнасці, ён заявіў, што “нетрадыцыйныя стасункі паміж паламі” з’яўляюцца “псіхічным захворваннем”, якое “неабходна лячыць”. Акрамя таго, ён распавёў пра нібы прапаганду гомасэксуальнасці “для знішчэння цэлых цывілізацый, краін, грамадстваў”.

У заяве гаворыцца, што падобныя паводзіны супярэчаць прынцыпам арганізацыі Чырвонага Крыжа — гуманнасці, нейтральнасці, бесстароннасці і незалежнасці. Праваабаронцы таксама адзначаюць, што выказванні Шаўцова — яскравы прыклад сістэмнай дыскрымінатыўнай рыторыкі беларускай дзяржавы ў адносінах да ўразлівых груп і ЛГБТК+ людзей. Сусветная арганізацыя аховы здароўя яшчэ ў 1990 годзе выключыла гомасэксуальнасць са спісу хвароб.

Back to top button