За што рэжым пераследуе беларускіх жанчын

У Міжнародны Дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за свае правы Праваабарончы цэнтр “Вясна” распавядае, як і за што рэжым Лукашэнкі пераследуе беларускіх жанчын.

У 2020 годзе большасць беларускага народа прагаласавала на выбарах за Святлану Ціханоўскую, насуперак заявам дыктатара, быццам нават канстытуцыя краіны напісана “не пад жанчыну”. Жаночае трыа аб’яднаных штабоў кандыдатаў — Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала — сталі сімвалам перамен. Жаночыя маршы зрабілі магчымым працяг пратэстаў пасля жорсткіх разгонаў мірных дэманстрацый у першыя дні пасля сфальсіфікаваных выбараў. І да гэтага часу неабыякавыя беларускі працягваюць змагацца за свабоду і падпадаюць пад рэпрэсіі.

Сёння ў Беларусі налічваецца прынамсі 155 палітзняволеных жанчын, якія ўтрымліваюцца ў месцах несвабоды, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”. У сувязі з пратэстамі супраць дзейнай улады і вайной ва Украіне з 2020 года 165 жанчын былі “асуджаныя” на калонію, 304 — на “хатнюю хімію”, 60 — на “хімію”, чатыры жанчыны — на арышт, адна — на прымусовае лячэнне. Таму Міжнародны жаночы дзень большасць з іх сустракаюць за кратамі ў СІЗА, на працы на “хіміі”, а некаторыя нават на “этапе” ў калонію.

Часцей за ўсё беларусак “судзілі” за ўдзел у мірных пратэстах. На дадзены момант з 155 палітвязынакў 70 пераследуюцца за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Беларусак “судзяць” за выступы супраць вайны ва Украіне — нават такія, як жоўта-блакітная стужка ў валасах ці выкананне песні на ўкраінскай мове. За каментары ў інтэрнэце па “справе Зельцэра” — айцішніка, застрэленага ва ўласнай кватэры агентамі КДБ — асудзілі 15 жанчын. Жонку Андрэя Зэльцэра Марыю Успенскую абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ і адправілі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Журналістак, праваабаронцаў і адвакатак пераследуюць за іх прафесійную дзейнасць. А Дар’ю Лосік “асудзілі” на два гады за інтэрв’ю пра ўласнага мужа, палітвязня Ігара Лосіка.

Да Міжнароднага дня жаночай салідарнасці Фонд BYSOL сумесна з “Вясной” і Girls Power Belarus запусціў збор у падтрымку беларускіх палітняволеных жанчын: “Ваша салідарнасць і падтрымка вельмі спатрэбіцца, каб перадаць палітвязынкам адзенне, аплаціць адваката ці дапамагчы атрымаць новую прафесію”. Міжнародная падтрымка асабліва важная ва ўмовах, калі рэжым пераследуе людзей, якія адправілі на падобныя зборы данаты з беларускіх карт.

Back to top button