На мяжы Польшчы і Беларусі нарастае міграцыйны крызіс

Ад траўня 2021 года на межах Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй працягваецца​​ міграцыйны крызіс: людзі з Блізкага Ўсходу, Паўночнай і нават Заходняй Афрыкі спрабуюць незаконна патрапіць у Еўрасаюз.

8-9 лістапада 2021 года арганізаваная група з тысячы мігрантаў штурмавала мяжу Польшчы. Прадстаўнік урада ў Варшаве паведаміў, што на мяжы Беларусі з Польшчай знаходзіцца каля 4 тысяч мігрантаў, а ўсяго каля 10 тысяч мігрантаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, гатовы перайсці польскую мяжу. Польскі бок не пускае іх на тэрыторыю ЕС, адзначаючы, што для ўезду няма падстаў і што яны з’яўляюцца інструментам гібрыдных атак з боку рэжыму Лукашэнкі. Таксама Польшча ўзвяла ўздоўж мяжы загароды з калючага дроту, узмацніла пагранічны кантынгент і ўвяла надзвычайнае становішча ў пагранічным рэгіёне.

Еўрапейскі Саюз абвінавачвае рэжым Лукашэнкі ў наўмысным правакаванні міграцыйнага крызісу і арганізацыі перапраўкі тысяч нелегалаў да межаў ЕС у адказ на санкцыі, уведзеныя ЕС супраць Мінска за палітычныя рэпрэсіі і жорсткае прыгнечанне мірных акцый пратэсту ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заклікала краіны-ўдзельніцы Еўрапейскага Саюза ўхваліць пашырэнне санкцыяў у дачыненні да беларускіх уладаў.

Цяпер у Беларусь штодзень прыбывае каля 800-1000 мігрантаў з Ірака, Сірыі, Афганістана, Конга. Паводле дублінскага рэгламенту мігранты павінны падаваць хадайніцтвы аб атрыманні прытулку ў той краіне, дзе яны ўпершыню перасеклі мяжу ЕС. Але ў Польшчы бежанцы лічаць за лепшае не рэгістравацца і не пакідаць свае адбіткі пальцаў у дактыласкапічнай базе даных ЕС, бо хочуць трапіць у Германію або Францыю, паколькі гэтыя краіны даюць мігрантам грашовую дапамогу і лепшыя ўмовы ў параўнанні з іншымі сябрамі ЕС. Да Германіі праз Беларусь дабраліся ўжо больш за 8 тысяч мігрантаў.

Back to top button